Вялікі канон. Панядзелак

Вялікі канон прападобнага айца нашага

Андрэя Крыцкага і Іерусалімскага

У панядзелак першага тыдня вялікага посту на вялікім павячэр’і

Глас 6

Песня 1

Ірмос: Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са   славаю Ён праслаўлены.

Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.

З чаго пачну аплакваць акаяннага майго жыцця дзеянні? Які   пакладу пачатак, Хрысце, цяперашняму плачу? Але Ты, як Міласэрны, дай мне саграшэнняў прабачэнне.

Прыйдзі, няшчасная душа, з плоццю тваёю да Стварыцеля ўсяго, спавядайся і пакінь, нарэшце, ранейшую бяздумнасць, і прынясі Богу пакаянне слёзнае.

За першаствораным Адамам ў парушэнні паследаваўшы, спазнаў я сябе адлучаным ад Бога, і ад вечнага Царства, і ад асалоды — з-за грахоў маіх.

Гора мне, няшчасная мая душа! Навошта стала ты падобнаю першай Еве? Бо глядзела ты зламысна, і ўразілася жорстка, і дакранулася да дрэва, і пакаштавала ежу дзёрзка і бяздумна.

Змест Евы пачуццёвай, паўстала ўва мне Ева ўяўная — у плоці пажадлівае памышленне, паказваючы на выгляд салодкае, але на смак заўсёды горкае піццё.

Варты выгнання з Эдэма быў Адам, бо не выканаў адзіную Тваю, Спасіцель, запаведзь; як жа пакутаваць буду я, які заўсёды адвяргаю жыватворныя Твае словы?

Слава, Троічны: Звыш існая Троіца, у Адзінстве пакланяемая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю. 

І цяпер, Багародзічны: Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая у пакаянні прымі мяне. 

Песня 2

Ірмос: Пачуй, неба, я буду абвяшчаць і апяваць Хрыста, Які з Дзевы прышоў у плоці. 

Пачуй, неба, я буду абвяшчаць; зямля, слухай голас таго, хто каецца перад Богам і апявае Яго. 

Спаглянь на мяне, Божа, Спасіцель мой, міласцівым Тваім позіркам і прымі маё гарачае спавяданне.

Саграшыў я больш за ўсіх людзей, адзін саграшыў перад Табою; але Ты як Бог памілуй, Спасіцель, Тваё стварэнне.

Увасобіўшы сваіх страсцей агіднасць, сласталюбнымі жаданнямі сказіў я прыгажосць розуму.

Бура зла ахоплівае мяне, міласэрны Госпадзі, але Ты, як Пятру, і мне руку працягні.

Апаганіў я плоці маёй вопратку і забрудзіў тое, Спасіцель, ў чым вобраз Твой і падабенства.

Азмрочыў я душы прыгажосць асалодаю страсцей і цалкам увесь розум у пыл ператварыў.

Парваў я ўжо адзенне маё першае, якое саткаў мне Стварыцель адпачатку, і таму ляжу голы.

Апрануўся я ў рванае рыззё, якое саткаў для мяне змей сваёю парадаю, і саромеюся.

Слёзы блудніцы, Міласцівы, і я праліваю; ачысці мяне, Спасіцель, па міласэрнасці Тваёй.

Паглядзеў я на прыгажосць дрэва і спакусіўся розумам, таму цяпер ляжу голы і цярплю сорам.

Аралі на хрыбце маім усе правадыры страсцей, расцягваючы ўздоўж па мне беззаконне сваё.

Слава, Троічны: Цябе, Адзінага ў трох Асобах Бога ўсіх, апяваю: Айца, і Сына, і Духа Святога.

І цяпер, Багародзічны: Прачыстая Багародзіца Дзева, адзіная ўсімі апяваемая, маліся старанна, каб спасцѕся нам. 

Песня 3

Ірмос: На непарушным, Хрысце, камені запаведзяў Тваіх умацуй мае памышленні.

Агонь ад Госпада аднойчы нібы дажджом праліўшы, зямлю Садомскую Гасподзь некалі спаліў. 

На гары ратуйся, душа, як той самы Лот, і ў Сігоры укрывайся.

Уцякай ад запалення, душа, уцякай ад садомскага пажарышча, уцякай ад знішчэння Бажэственным полымем.

Саграшыў перад Табою адзін я, саграшыў больш за ўсіх, Хрысце Спасіцелю, але не пагарджай мною! 

Ты, Пастыр Добры, знайдзі мяне, як ягня, і заблукалым не пагарджай мною. 

Ты Салодкі Іісусе, Ты Стварыцель мой! Табою я, Спасіцель, апраўдаюся. 

Спавядаюся перад Табою, Спасіцель: саграшыў я, саграшыў перад Табою, але аслаб, адпусці мне, як Мііласэрны. 

Слава, Троічны: О, Троіца, Адзіны Божа! Збаў нас от падману, і спакус, і няшчасцяў. 

І цяпер, Багародзічны: Радуйся, Улонне, Якое Бога ўмясціла, радуйся, Прастол Гасподні, радуйся, Маці Жыцця нашага.

Песня 4

Ірмос: Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашыўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і людзям явіцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашыўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі! 

Справамі рук Тваіх не пагарджай, стварэння  Твайго не пакінь, Суддзя праведны. Хоць і адзін я саграшыў, як чалавек, больш за ўсякага чалавека, Чалавекалюбец, але Ты маеш, як Гасподзь усяго, уладу адпускаць грахі. 

Набліжаецца канец, душа, набліжаецца, а ты не дбаеш, не рыхтуешся; час скарачаецца, устань: блізка, пры дзвярах Суддзя. Як сон, как квецень, час жыцця бяжыць, навошта мы марна мітусімся? 

Уздыміся, душа мая! Пра ўчыненыя табою справы думай, і іх перад вачыма сваімі ўяўляй, і кропля за кропляй слёзы твае пралівай, раскажы адважна пра свае справы і думкі Хрысту і апраўдайся. 

Няма ў жыцці ні граху, ні дзеяння, ні зла, у якіх бы я, Спасіцель, не саграшыў, розумам, і словам, і жаданнем, і намерам, і думкаю, і справаю саграшыўшы, як ніхто іншы ніколі. 

Таму і асуджаны быў, таму і абвінавачаны быў я, няшчасны, сваім сумленнем, за якое нічога ў свеце няма стражэйшага; Суддзя і Збавіцель мой, Які ўсё ведаеш, злітуйся, абарані і спасі мяне, раба Твайго. 

Лесвіца, якую бачыў у старажытнасці вялікі сярод патрыярхаў, указвае, душа мая, на ўзыходжанне справамі і на ўзвышэнне розумам; таму, калі хочаш жыць у дзеянні, і ў разуменні, і  ў сузіранні, то абнаўляйся. 

Гарачыню дзённую мусіў цярпець патрыярх і мароз начны пераносіў, кожны дзень прыбытак памнажаючы, пасучы, працуючы, рабскі служачы, каб з дзвюма жонкамі злучыцца. 

Пад жонкамі дзвюма разумей дзейнасць і пазнанне праз сузіранне: пад Ліяю, як мнагадзетнаю — дзейнасць, пад Рахіллю ж, як атрыманаю многаю працаю — пазнанне, бо без працы ні дзейнасць, ні сузіранне, душа мая, не ўдасканаляцца. 

Слава, Троічны: Нераздзельнае Істотаю і нязлітнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінацарственнае і Супрастольнае, я навучаюся богапазнанню. Спяваю Табе песню велічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца. 

І цяпер, Багародзічны: І нараджаеш Ты, і застаешся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.

Песня 5

Ірмос: Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсняць волю Тваю.   

У ночы жыццё маё я праводзіў заўсёды, бо цемраю і глыбокім змрокам была для мяне ноч граху; але сынам дня, Спасіцель, пакажы мяне. 

Падобна Рувіму я, акаянны, здзейсніў беззаконную і злачынную задуму перад Богам Усявышнім, апаганіўшы ложа маё, як той ложа бацькава. 

Спавядаюся перад Табою, Хрысце Цару: саграшыў, саграшыў я, як некалі браты, прадаўшы Іосіфа — плод чысціні і цнатлівасці. 

Роднымі праведная душа была звязана, прададзены быў у рабства ўзлюблены, — як правобраз Госпада; ты ж, душа, сама ўсю сябе прадала злым справам тваім. 

Розуму Іосіфа праведнага і цнатлівага будзь падобнай, акаянная і нягодная душа, і не апаганьвайся бяздумнымі імкненнямі, заўсёды чынячы беззаконні. 

Калі і быў некалі ў яме Іосіф, Уладару Госпадзі, то як правобраз пахавання і Уваскрасення Твайго; а я што і калі Табе падобнае прынясу? 

Слава, Троічны: Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух”, — простая Істота, Адзінства заўсёды пакланяемае. 

І цяпер, Багародзічны: З Цябе, непарушаная, бязмужняя МаціДзева,  увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду. 

Песня 6

Ірмос: Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраметнага, і вывеў з пагібелі жыццё маё. 

Слёзы, Спасіцель, вачэй маіх і стогны з глыбіні душы шчыра прыношу Табе, усклікаючы сэрцам: "Божа, я саграшыў перад Табою, ачысці мяне!".

Ухілілася ты, душа, ад Госпада твайго, як Дафан і Авірон; але ўсклікні з пекла апраметнага, просячы літасці, каб прорва зямная не пакрыла цябе. 

Як цялушка ашалелая зрабілася ты, душа, падобнай да Яфрэма; але, як сарну ад пасткі, захавай жыццё сваё, акрыліўшы розум дзеяннем і сузіраннем. 

Рука Маісея няхай засведчыць нам, душа, як можа Бог пракажонае жыццё выбеліць і ачысціць, і не адчайвайся сама за сябе, хоць ты і пракажоная. 

Слава, Троічны: "Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злучанае па прыродзе", — Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух. 

І цяпер, Багародзічны: Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыняў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам по малітвах Тваіх апраўдацца. 

Госпадзі, памілуй (3). Слава, і цяпер: 

Кандак, глас 6

Душа мая, душа мая, / паўстань, што спіш ты? / Канец набліжаецца, / і ты моцна збянтэжышся. / Уздыміся ж, / каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, // Які ўсюды прысутны і ўсё напаўняе.

Песня 7

Ірмос: Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не выканалі таго, што Ты запаведаў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа! 

Саграшыў я, учыніў беззаконне, і адпрэчыў запаведзь Тваю, бо і народжаны быў ужо ў грахах, і яшчэ прыклаў да язваў сваіх раны; але Ты Сам мяне памілуй як міласэрны, айцоў Божа. 

Тайны сэрца майго я вызнаў перад Табою, Суддзёй маім, убач маю пакору, убач смутак мой, пачуй самаасуджэнне маё цяпер і Сам мяне памілуй як Міласэрны, айцоў Божа. 

Саул некалі, згубіўшы асліц бацькі свайго, нечакана атрымаў царскі сан і славу; таму глядзі, душа, не забывайся, да скоцкіх пажаднасцей сваіх імкнучыся больш, чым да Царства Хрыстова. 

Богаайцец Давід некалі хоць і саграшыў двойчы, душа мая, працяты быў стралою пралюбадзейства і, як кап'ём, быў паранены пакараннем за забойства, але ты сама горшымі за тыя дзеянні абцяжарана — самавольнымі імкненнямі. 

Далучыў Давід некалі беззаконне да беззаконня, забойства з пралюбодзействам змяшаўшы, але пакаянне падвойнае прынёс у хуткім часе; ты ж горшыя справы ўчыніла, душа, не раскаяўшыся перад Богам. 

Давід некалі выявіў, напісаўшы, як на іконе, песню, праз якую ён выкрывае тое, што зрабіў, усклікаючы: "Памілуй мяне, бо перад Табой Адзіным я саграшыў, усіх Богам. Сам ачысці мяне!" 

Слава, Троічны: Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа,  Жыццё і Жыцці — усіх Бога. 

І цяпер, Багародзічны: 

Апяваем        Цябе,      благаслаўляем   Цябе,     пакланяемся     Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы — Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае. 

Песня 8

Ірмос: Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі! 

Мяне, які саграшыў, памілуй, Спасіцель, уздымі розум мой дзеля навяртання, прымі мяне ў пакаянні, злітуйся нада мною, які ўсклікае: "Саграшыў я перад Табою, спасі; беззаконне я ўчыніў, памілуй мяне!" 

Каляснічнік Ілія, на калясніцу дабрадзейнасцяў узышоўшы, як на нябёсы уздымаўся некалі вышэй за ўсё зямное; таму пра яго ўзыходжанне, душа мая, разважай. 

Елісей некалі, прынћўшы мілоць Іліі, атрымаў асаблівую благадаць ад Бога; ты ж, душа мая, не стала супольніцай той благадаці за няўстрыманасць. 

Іардана цячэнне мілоццю Іліі для Елісея некалі спынілася па той і другі бок; ты ж, душа мая, не стала супольніцай той благадаці за няўстрыманасць. 

Саманіцянка некалі з добразычлівасцю праведніка прыняла, ты ж, душа, не ўвяла ў свой дом ні прышлага, ні падарожнага; за гэта будзеш з хорама выкінута прэч з рыданнямі. 

Гіезіеў нячысты нораў заўсёды пераймала ты, акаянная душа; срэбралюбства яго адкінь хоць у старасці, пазбягай агню геенскага, адступіўшыся ад ліхіх спраў тваіх. 

Слава, Троічны: Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне. 

І цяпер, Багародзічны: Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра — плоць Эмануіла ўнутры ўлоння Твайго саткалася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем. 

Песня 9

Ірмос: Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем. 

Розум паранены, цела немачнае, хварэе дух, слова зняможылася, жыццё змярцвела, канец каля дзвярэй. Дык вось, няшчасная душа мая, што будеш рабіць, калі прыйдзе Суддзя выпрабоўваць справы твае? 

Маісееву кнігу пра стварэнне свету пераказаў я для цябе, душа, і за ёй — усё запаветнае Пісанне, якое апавядае аб праведных і няправедных; з іх другіх, а не з першых брала прыклад ты, душа, перад Богам саграшыўшы. 

Закон не мае сілы, бяздзейнічае Евангелле, і ўсё Пісанне ў цябе без увагі: прарокі страцілі моц і ўсякае праведнае слова. Язвы твае, душа, прымножыліся, і няма лекара, каб ацаліць цябе! 

Новазапаветнага Пісання прыводжу табе прыклады, якія прыводзяць цябе, душа, у скрушанасць. Дык вось, на праведных раўняйся, ад грэшных жа адвярніся, і ўміласціўляй Хрыста малітваю, і постам, і чысцінёю, і благагавеннем. 

Хрыстос, прыняўшы чалавечую прыроду, заклѕкаў да пакаяння разбойнікаў і блудніц. Душа, пакайся: дзверы Царства адчынены ўжо, і першымі дасягаюць яго фарысеі, і мытнікі, і пралюбадзеі, якія каюцца. 

Хрыстос стаў дзіцяткам, плоццю да мяне далучыўшыся, і дабравольна спазнаў усё, уласцівае чалавечай прыродзе, акрамя граху, прыклад табе, душа, паказваючы і вобраз Свайго прышэсця. 

Хрыстос валхвоў уратаваў, пастухоў склікаў, мноства немаўлят зрабіў мучанікамі, старца праславіў і старэнькую ўдаву. Ні іх справам, ні жыццю не імкнулася быць падобнай ты, душа; дык гора табе, калі на Судзе ты станеш. 

Пасціўся Гасподзь сорак дзён у пустыні, і ўрэшце адчуў голад, выяўляючы ў Сабе прыроду чалавечую. Душа, не лянуйся: калі на цябе паўстане вораг, то малітваю і постам ад ног тваіх няхай адкінуты будзе. 

Слава, Троічны: Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся — Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыццям, што дае жыццё і прасвятляе краі свету. 

І цяпер, Багародзічны: Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю царствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыяннем адольвае ўсякае выпрабаванне, і скарае ворагаў, і трымае іх у паслушэнстве. 

Прыпеў: Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас. 

Андрэе дастахвальны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю. 

Ірмос: Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.