Святое дабравесце паводле Матфея

 

РАЗДЗЕЛ І
 
1. Кніга роду Іісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага.
2. Аўраам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Іакава; Іакаў нарадзіў Іуду і братоў ягоных;
3. Іуда нарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама;
4. Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Салмона;
5. Салмон нарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз нарадзіў Авіда ад Руфі; Авід нарадзіў Іесея;
6. Іесей нарадзіў Давіда цара; Давід цар нарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;
7. Саламон нарадзіў Раваама; Раваам нарадзіў Авію; Авія нарадзіў Асу;
8. Аса нарадзіў Іасафата; Іасафат нарадзіў Іарама; Іарам нарадзіў Азію;
9. Азія нарадзіў Іаафама; Іаафам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Езекію;
10. Езекія нарадзіў Манасію; Манасія нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Іасію;
11. Іасія нарадзіў Іаакіма; Іаакім нарадзіў Іеханію і братоў яго, падчас перасялення вавілонскага.
12. Пасля ж перасялення вавілонскага Іеханія нарадзіў Салафііля; Салафііль нарадзіў Зарававеля;
13. Зарававель нарадзіў Авіуда; Авіуд нарадзіў Еліакіма; Еліакім нарадзіў Азора;
14. Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Еліуда;
15. Еліуд нарадзіў Елеазара; Елеазар нарадзіў Матфана; Матфан нарадзіў Іакава;
16. Іакаў нарадзіў Іосіфа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Іісус, Якога называюць Хрыстос.
17. І вось усіх пакаленняў ад Аўраама да Давіда чатырнаццаць пакаленняў; і ад Давіда да перасялення вавілонскага чатырнаццаць пакаленняў; і ад перасялення вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленняў.
18. Нараджэнне Іісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі з Іосіфам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлонні ад Духа Святога.
19. А Іосіф, муж Яе, будучы праведны і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў употай адпусціць Яе.
20. Калі ж надумаў ён гэта, — вось, Ангел Гасподні ў сне явіўся яму і сказаў: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога;
21. і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Іісус; бо Ён збавіць людзей Сваіх ад грахоў іх.
22. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23. "Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог".
24. Устаўшы ад сну, Іосіф зрабіў, як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю,
25. і не знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і ён даў Яму імя: Іісус.
 
РАЗДЗЕЛ II
 
1. Калі ж Іісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, магі з усходу прыйшлі ў Іерусалім і кажуць:
2. дзе народжаны Цар Іудзейскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
3. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Іерусалім з ім.
4. І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
5. Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Іудзейскім, так бо напісана праз прарока:
6. "І ты, Віфлееме, зямля Іудава, нічым не меншы сярод ваяводстваў Іудавых; бо з цябе выйдзе Правадыр, Які ўпасвіць народ мой Ізраіля".
7. Тады Ірад, употай паклікаўшы магаў, выведаў у іх час з'яўлення зоркі
8. і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: ідзіце, добра разведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажыце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
10. Угледзеўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікай,
11. і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну.
12. І ў сне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
13. Калі ж яны адышлі, — вось, Ангел Гасподні яўляецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго, і адышоў у Егіпет,
15. і былі там да Ірадавай смерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "З Егіпта паклікаў Я Сына Майго".
16. Тады Ірад, убачыўшы, што магі ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў перабіць усіх дзетак у Віфлееме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у магаў.
17. Тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа:
18. "Голас у Раме чуцен, плач, і галашэнне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца; бо іх няма".
19. А як Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўляецца Іосіфу ў Егіпце
20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ідзі ў зямлю Ізраілеву;
бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22. Але пачуўшы, што Архелай царуе ў Іудзеі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісці; і атрымаўшы ў сне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.
 
РАЗДЗЕЛ ІІІ
 
1. У тыя дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў пустыні Іудзейскай
2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісаія: голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму.
4. А ў самога Іаана была вопратка з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
5. Тады выходзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўсё наваколле Іарданскае
6. і хрысціліся ў Іардане ад яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
7. Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, Іаан сказаў ім: адроддзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
8. Прынясіце ж годны плод пакаяння;
9. і не думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узвесці дзяцей Аўрааму;
10. ужо і сякера пры корані дрэў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь;
11. Я хрышчу вас вадою на пакаянне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я не варты панесці абутак Яго; Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём;
12. лапата Яго ў руцэ ў Яго, і Ён ачысціць гумно Сваё, і збярэ пшаніцу Сваю ў жытніцу, а мякіну спаліць агнём непагасным.
13.  Тады прыходзіць  Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана хрысціцца ад яго.
14. Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысціцца, а Ты прыходзіш да мяне?
15. Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусці цяпер, бо так належыць нам здзейсніць ўсякую праўду. Тады Іаан дапускае Яго.
16. І ахрысціўшыся, Іісус выйшаў адразу з вады; — і вось, адкрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Іаан Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.
17. І вось, голас з нябёсаў прамовіў: Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.
 
РАЗДЗЕЛ IV
 
1. Тады Іісус быў узведзены Духам у пустыню, на спакушэнне ад дыявала.
2. І, пасціўшы сорак дзён і сорак начэй, урэшце адчуў голад.
3. І прыступіў да Яго спакуснік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
4. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: "не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых".
5. Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле храма,
6. і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: "Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".
7. Сказаў яму Іісус: напісана яшчэ: "не спакушай Госпада Бога твайго".
8. Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
9. і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
10. Тады кажа яму Іісус: адыдзі ад Мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы".
11. Тады пакідае Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступілі і слугавалі Яму.
12. Іісус, пачуўшы, што Іаан аддадзены варце, адышоў у Галілею,
13. і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нефалімавых,
14. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
15. "Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на дарозе прыморскай за Іарданам, Галілея язычніцкая,
16. народ, што сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні смерці, заззяла святло".
17. З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
18. А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сімана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора; бо яны былі рыбакі.
19. І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
20. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
21. Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата ягонага, у лодцы з Зевядзеем, бацькам іх, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
22. І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23. І хадзіў Іісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
24. І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.
25. І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігароддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з-за Іардана.
 
РАЗДЗЕЛ V
 
1. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
2. I, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
3. Блажэнныя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
4. Блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
5. Блажэнныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
6. Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
7. Блажэнныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
8. Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9. Блажэнныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
10. Блажэнныя гнаныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
11. Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.
12. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
13. Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.
14. Вы — святло свету: не можа схавацца горад, які стаіць на гары.
15. І запаліўшы свечку, не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
16. Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
17. Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць.
18. Бо праўду кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закона, пакуль не збудзецца ўсё.
19. Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
20. Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
21. Вы чулі, што сказана продкам: "Не забівай; а хто заб'е, падпадае суду".
22. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму "рака"*, падпадае сінедрыёну**; а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.
23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,
24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі спярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе праціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не кінулі цябе ў цямніцу;
26. праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта***.
27. Вы чулі, што сказана продкам: "Не чыні пералюбу".
28. А я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
30. І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
31. Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст.
32. А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пралюбадзейства; і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае.
33. Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі, а выконвай перад Госпадам прысягі твае".
34. А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;
35. ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
36. ні галавою тваёю не прысягай, бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
37. А няхай будзе слова ваша: "так - так", "не - не"; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
38. Вы чулі, што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".
39. А Я кажу вам не працівіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
40. і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
41. і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча*, ідзі за ім два.                    
42. Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
43. Вы чулі, што сказана: "Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".
44. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас;
45. і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.                     
46. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці  не тое ж самае робяць і мытнікі***?
47. І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці  не тое ж самае робяць і язычнікі?
48. Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Анцец ваш Нябесны.
 
РАЗДЗЕЛ VI
 
1. Глядзіце, не выстаўляйце праведнасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
2. Дык вось, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.
3. У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай не велае левая рука твая, што робіць правая,
4. каб міласціна твая была ў тайнасці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
5. І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
6. Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці; і Айцен твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
7. А молячыся, не гаварыце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;
8. дык не будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.
9. Дык вось, маліцеся так: Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё;
10. Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі;
11. хлеб наш надзённы дай нам сёння;
12. і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым;
13. і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад ліхога; бо Тваё ёсць Царства і сіла і слава навекі. Амінь.
14. Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;
15. а як не будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
16. І калі посціце, не будзьце панурыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям поснікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
17. А ты, калі посціш, намасці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18. каб явіцца поснікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
19. Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць:
20. а збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць;
21. бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.
22. Свяцільнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё светлае будзе;
23. калі ж вока тваё будзе ліхое, то ўсё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі святло, якое ў табе, — цемра, дык якая ж цемра?
24. Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне*.
25. Таму кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, і цела — за вопратку?
26. Зірніце на птушак нябесных:  яны не сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у жытніцы; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?
27. Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
28. І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;
29. але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх;
30. калі ж траву палявую, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!
31. Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: "што нам есці?" альбо: “што піць?" альбо: "у што апрануцца?".
32. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33. Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам.
34. Дык вось, не турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.
 
РАЗДЗЕЛ VII
 
1. Не судзіце, каб і вас не судзілі;       
2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
3. І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў тваім  воку не заўважаеш?
4. Альбо, як скажаш брату свайму: '"Дай, я выму парушынку з вока твайго"; а вось у тваім воку бервяно?
5. Крывадушнік! вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6. Не давайце святога сабакам і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.
7. Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
8. бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і, хто стукаецца, таму адчыняць.
9. Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?
10. і калі рыбы папросіць, змяю падаў бы яму?
11. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсць у нябёсах, дасць даброты тым, хто просіць у Яго.
12. І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
13. Уваходзьце вузкімі варотамі; бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
14. бо вузкія вароты і цесная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.
15. Пільнуйцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;
16. па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж збіраюць з цярноўніку вінаград, альбо з дзядоўніку смоквы?
17. Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а кепскае дрэва родзіць і плады кепскія:
18. не можа добрае дрэва радзіць кепскія плады, ні дрэва кепскае радзіць плады добрыя.
19. Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага, ссякаюць і кідаюць у агонь.
20. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
21. Не кожны, хто кажа Мне: "Госпадзі! Госпадзі!" увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах.
22. Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзі! Госпадзі! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?"
23.І тады абвяшчу ім: "Я ніколі не знаў вас; адыдзіце ад Мяне, вы, што робіце беззаконне".
24. Дык вось, кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, параўнаю з мужам разумным, які збудаваў свой дом на камені;
25. і паліўся дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо закладзены быў на камені.
26. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, падобны будзе да мужа неразважлівага, які збудаваў свой дом на пяску;
27. і паліўся дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён абваліўся, і было падзенне яго вялікае.
28. І сталася, калі Іісус выказаў гэтыя словы, вельмі здзіўляліся людзі вучэнню Яго,
29. бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.
 
РАЗДЗЕЛ VIII
 
1. Калі Ён сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей.
2. І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысціць.
3. Іісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысціся. І адразу ачысціўся той ад праказы.
4. І кажа яму Іісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся святару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сведчанне ім.
5. Калі ж увайшоў Іісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
6. Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе.
7. Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
8. А сотнік сказаў Яму ў адказ:  Госпадзе! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
9. бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленні воінаў, кажу аднаму: "ідзі", і ідзе; і другому: "прыйдзі", і прыходзіць; і слузе майму: "зрабі тое", і робіць.
10. Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
11. Кажу к вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзлягуць з Аўраамам, Ісаакам і Іакавам у Царстве Нябесным;
12. а сыны царства будуць выкінуты у цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
13. І сказаў Іісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, няхай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну. 
14. Прыйшоўшы ў дом Пятра Іісус убачыў цешчу яго, якая ляжала ў гарачцы,
15. і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.
16. Калі ж звечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;
17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа: "Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс".
18. Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду, эагадаў вучням адплысці на той бок.
19.І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Габою, куды б Ты ні пайшоў.
20.І кажа яму Іісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы не мае, дзе прыхіліць галаву.
21. А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне спярша пайсці і пахаваць майго бацьку.
22. Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Яго.
24. І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.
25. І вучні Яго, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
26. І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.
27. А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
28. І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл*, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто не мог праходзіць тою дарогаю.
29. І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
30. А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.
31. І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт свіней.
32. І Ён сказаў ім: ідзіце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт свіны. І вось, кінуўся ўвесь гурт свіней з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.
33. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.
34. І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Іісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.
 
 
 
РАЗДЗЕЛ ІХ
 
1. Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў і прыйшоў у Свой горад.
2. І вось, прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Іісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі твае.
3. І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць.
4. А Іісус, зразумеўшы помыслы іх, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
5. бо што лягчэй – сказаць: "даруюцца табе грахі", альбо сказаць: "устань і хадзі"?
6. Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
7. І той устаў, узяў пасцель сваю, і пайшоў у дом свой.
8. А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
9. Праходзячы адтуль, убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Матфей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.
10. І сталася, калі Іісус узляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзлеглі з Ім і вучнямі Ягонымі.
11. І ўбачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: навошта Настаўнік ваш есць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?
12. А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
13. ідзіце, навучыцеся, што азначае: "міласці хачу, а не ахвяры"?, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння.
14. Тады прыходзяць да Яго вучні Іаанавы і кажуць: чаму мы і фарысеі посцім многа, а Твае вучні не посцяць?
15. І сказаў ім Іісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў вясельных, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх жаніх, і тады будуць пасціць.
16. І ніхто не прыстаўляе латкі з нябеленага палатна да старон адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэ ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
17. Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі прападаюць; а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зберагаецца тое і другое.
18. Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая зараз памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.
19. І ўстаўшы, Іісус пайшоў за ім, і вучні Яго.
20. І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго,
21. бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Яго,  выздаравею.
22. А Іісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.
23. А як прыйшоў Іісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і збянтэжаны люд,
24. сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а спіць. І насміхаліся з Яго.
25. Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.
26.І разнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
27. І калі ішоў адтуль Іісус, ішлі за Ім двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!
28. І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так Госпадзе!
29. Тады Ён крануўся вачэй іх і сказаў: па веры вашай хан будзе вам.
30.І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даведаўся.
31. А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
32. Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
33. І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі не было такога явішча ў Ізраілі.
34. А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
35. І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сінагогах іх, прапаведуючы Дабравесце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
36. Бачачы людзей, Ён пашкадаваў іх, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.
37. Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;
38. дык маліце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
 
РАЗДЗЕЛ Х
 
1. І паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.
2. А дванаццаці Апосталаў імёны вось такія: першы Сіман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Іакаў Зевядзееў і Іаан, брат яго.
3. Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей мытнік, Іакаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем,
4. Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.
5. Гэтых дванаццаць паслаў Іісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзіце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце;
6. а ідзіце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;
7. і ходзячы, прапаведуўце, што наблізілася Царства Нябеснае;
8. хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.
9. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
10. ні торбы ў дарогу, ні дзве вопраткі, ні абутку, ні посаха. Бо хто працуе, той варты пракорму.
11. У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
12. а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: "мір дому гэтаму";
13. і калі дом будзе годны, дык сыдзе мір ваш на яго; калі ж не будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.
14. А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дому, альбо з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых;
15. праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
16. Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як змеі, і простыя, як галубы.
17. Сцеражыцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас на судзілішчы і ў сінагогах сваіх біць будуць вас,
18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне, на сведчанне перад імі і язычнікамі.
19. Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
20. бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21. І выдасць брат брата на смерть, і бацька — дзіця; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;
22. і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
23. Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, Бо праўду кажу вам: не паспееце абысці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24. Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
25. Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі вельзевулам, дык ці не тым болей дамашніх яго?
26. Дык вось, не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б, і таемнага, што не было б уведана.
27. Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
28. І не бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць не могуць; а бойцеся болей таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
29. Ці ж не два вараб’і прадаюцца за асарый*? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага;
30. а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
31. дык не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.
32. Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах;
33. а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах.
34. Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прынесці, а меч;
35. бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са свякрухай яе.
36. І ворагі чалавеку — дамашнія яго.
37. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне;
38. і хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною, той не варты Мяне.
39. Хто зберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зберажэ яе.
40. Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
41. хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокаву атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікаву атрымае.
42. І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.
 
РАЗДЗЕЛ XI
 
1. І сталася, калі закончыў Іісус настаўленні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іх.
2. А Іаан, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовы, паслаў двух вучняў сваіх
3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсці, ці чакаць нам другога?
4. І сказаў ім Іісус у адказ: ідзіце, скажыце Іаану, што чуеце і бачыце:
5. сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія дабравесцяць,
6. і блажэнны, хто не спакусіцца аба Мне.
7. Калі ж пайшлі яны, Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці не трысціну, ветрам калыханую?
8. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, убранага ў мяккае адзенне? Але тыя, што носяць мяккае адзенне, жывуць у харомах царскіх.
9. Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
10. Бо ён той, пра якога напісана: "вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".
11. Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Нябесным большы за яго.
12. Ад дзён жа Іаана Хрысціцеля да сёння Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць здабываюць яго;
13. бо ўсе прарокі і закон прадвясцілі да Іаана.
14. І калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілія, які мае прыйсці.
15. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
16. З кім параўнаю род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, аклікаючы адны другіх,
17. кажуць: "мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі; мы спявалі вам жалобнае, а вы не галасілі".
18. Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п'е; і кажуць: "у ім дэман". 
19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п'е; і кажуць: "вось, чалавек, які любіць есці і віно піць, прыяцель мытнікам і грэшніка". І апраўдана мудрасць дзецьмі яе.
20. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.
21. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, яны б даўно ўжо ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся;
22. але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.
23. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты;
бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сённяшні дзень;
24. але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.
25. Тым часам, далей прамаўляючы, Іісус сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям.
26. Так, Ойча! бо такое было Тваё ўпадабанне.
27. Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, толькі Айцец; і Айца не ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.
28. Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;
29. вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;
30. бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.
 
РАЗДЗЕЛ XII
 
1. Тым часам праходзіў Іісус у суботу пасевамі, а вучні Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
2. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
3. А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы выстаўлення, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі, а толькі адным святарам?
5. Альбо ці не чыталі вы ў законе, што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
6. Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;    
7. калі б ведалі вы, што азначае: "міласці хачу, а не ахвяры", не асудзілі б невінаватых;
8. бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
9. І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
10. І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы?  каб звінаваціць Яго.     
11. А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, не возьме і не выцягне яе?
12. Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботы дабро рабіць.
13. Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.
14. А фарысеі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго.
Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
15.І пайшло за Ім следам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх.
16. і забараніў ім расказваць пра Яго:
17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
18. "Вось, Юнак Мой, Якога Я  выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго і Ён суд народам абвесціць
19. не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Яго;
20. трысціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
21. і на імя Яго будуць спадзявацца народы"
22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
23. І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
24. А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай, як сілаю вельзевула, князя дэманскага.
25. Але Іісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім: усякае царства, якое  раздзялілася самое ў сабе, запусцее; і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць.
26. І калі сатана сатану выганяе, дык ён раздзяліўся сам у сабе, як жа ўстаіць царства ягонае?
27. І калі Я вельзевулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам суддзямі будуць.
28. Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
29. Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі спярша не звяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае.
31. Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям;
32. калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Святога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
33. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызнайце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо па плодзе дрэва пазнаецца.
34. Адроддзе яхідніна як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
35. Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
36. Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны:
37. бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
38. Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе знаменне ўбачыць.
39. Ён ім сказаў у адказ: род ліхі і пералюбны знамення шукае; і знаменне не будзе дадзена яму, акрамя знамення Іоны прарока;
40. бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41. Ніневіцяне ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай; і вось, тут больш за Іону.
42. Царыца поўдня ўстане на судзе з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
44. тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае яго  пустым, падмеценым і прыбраным;
45. тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, ўвайшоўшы, жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшы за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі на дварэ, хочучы гаварыць з ім.
47. І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
49. І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
50. бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
 
РАЗДЗЕЛ XIII
 
1. Выйшаўшы таго ж дня з дому, Іісус сеў каля мора.          
2. І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
3. І гаварыў ім шмат прытчамі,кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
4. І калі сеяў ён, адно ўпала пры  дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
5. іншае ўпала на мясціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была неглыбокая.
6. А калі ўзышло сонца, завяла і, як не мела карэння, засохла;
7. іншае ўпала ў церне, і вырасла церні і заглушыла яго;
8. іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, а тое ў трыццаць.
9. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
10. І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?
11. Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не дадзена;
12. бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае;
13. дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы не бачаць, і чуючы не чуюць, і не разумеюць;
14. і збываецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: "слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце;
15. агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае змежылі, каб не ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і не звернуцца, каб Я ацаліў іх".
16. А вашы блажэнныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць;
17. бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі.
18. Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
19. да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў сэрцы яго: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
20. А пасеянае на камяністых мясцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прымае яго;
21. але не мае кораня ў сабе і непастаянны: калі настане ўціск альбо ганенне за слова, адразу спакушаецца.
22. А пасеянае ў церні азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.
23. А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсцьдзесят, а іншы трыццаць.
24. Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім;
25. калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
26. калі ўзышла рунь і завязала плод, тады з'явіўся і куколь.
27. Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
28. А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
29. А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы;
30. пакіньце расці разам тое і  другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: збярыце перш куколь і звяжыце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу збярыце ў жытніцу мае.
31. Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
32. якое, хоць меншае за ўсякае насенне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў голлі яго.
33. Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына, узяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
34. Гэта ўсё казаў Іісус прытчамі люду, і без прытчы нічога не казаў ім,
35. каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: "Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэння свету".
36. Тады Іісус, адпусціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
37. А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насення ёсць Сын Чалавечы;
38. поле ёсць свет; добрае насенне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
39. вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво ёсць сканчэнне веку, а жняцы — Ангелы.
40. А таму, як збіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэнні веку гэтага:
41. пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,
42. і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
43. тады праведныя заззяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
44. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знойшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
45. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых перлаў,
46. які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны перл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
47. Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на невад, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
48. які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начынне, а нядобрае выкінулі прэч.
49. Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Ангелы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведных,
50. і ўкінуць іх у печ вогненную:там будзе плач і скрыгат зубоў.
51. Сказаў ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
52. А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
53. І сталася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
54. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?          
55. ці не цясляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Іакаў і Іасій, і Сіман і Іуда?
56. і сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
57. І спакушаліся аб Ім. А Іісус сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
58. І не ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іх.
 
РАЗДЗЕЛ XIV
 
1. У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Іісуса,
2. і сказаў служкам сваім: гэта Іаан Хрысціцель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.
3. Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямніцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;
4. таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.
5. І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.
6. А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;
7. таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць.
8. А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут на місе галаву Іаана Хрысціцеля.
9. І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ўзляжалі з ім, загадаў даць ёй,
10. і паслаў адцяць Іаану галаву ў цямніцы.
11. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй.
12. А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго; і пайшлі, абвясцілі Іісусу.
13. І пачуўшы, адплыў Іісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы
пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.
14. І выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх.
15. Калі ж звечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясціна, і час ужо позні; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.
16. Але Іісус сказаў ім: не трэба ім ісці; вы дайце ім есці.
17. Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.
18. Ён сказаў: прынясіце іх Мне сюды.
19. І загадаў народу ўзлегчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, узвёў вочы ў неба, благаславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні — народу.
20. І елі ўсе, і насыціліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;
21. а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей.
22. І адразу прымусіў Іісус вучняў Сваіх увайсці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусціць людзей.
23. І адпусціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі звечарэла, заставаўся там адзін. 
24. А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
25. А ў чацвёртую варту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы па моры.
26. І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.
27. Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: узбадзёрцеся; гэта Я, не бойцеся.
28. Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе.
29. А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Іісуса;
30. але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.
31. Іісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?
32. І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
33. А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.
34. І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.
35. І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясціны паслалі ва ўсё наваколле тое і прынеслі да Яго ўсіх хворых,
36. і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзення Яго; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.
 
РАЗДЗЕЛ XV
 
1. Тады прыходзяць да ІІсуса Іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:
2. навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо не ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
3. А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?
4. Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ.
5. А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: "дар Богу -тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся",
6. той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.
7. Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісаія, кажучы:
8. "Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іх далёка адлягае ад Мяне;
9. але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, запаведзям чалавечым".
10. І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:
11. не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека. 
12. Тады вучні Яго, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусіліся?       
13. А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца;
14. пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
15. А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
16. Іісус сказаў: няўжо і вы яшчэ не маеце разумення?
17. ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і вывяргаецца прэч?
18. а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;  
19. бо з сэрца выходзяць ліхія помыслы, забойствы, пралюбадзействы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сведчанні, знявагі:
20. гэта апаганьвае чалавека; а есці няўмытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.
21. І выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у межы Тырскія і Сідонскія.
22. І вось, жанчына Хананеянка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусці яе, бо крычыць за намі.
24. А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.     
25. А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
26. А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам.
27. Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх.
28. Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
29. Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
30. І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сляпых, нямых, знявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацаліў іх;
31. так што людзі здзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, знявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
32. А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.
33. І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
34. І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.
35. І загадаў людзям узлегчы на зямлю.
36. I, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.
37. І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;
38. А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.
39. І адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.
 
РАЗДЗЕЛ XVI
 
1. І прыступілі фарысеі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменне з неба.
2. А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
3. і раніцай: сёння непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозніваць, а знакаў часу не можаце?
4. Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака не дасца яму, акрамя азнакі Іоны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
5. І перапраўляючыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлябоў.
6. Іісус сказаў ім: глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай.
7. Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
8. Уразумеўшы гэта, Іісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
9. Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
10. Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
11. Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: "сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай"?     
12. Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага.        
13. А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
14. Яны сказалі: адны за Іаана Хрысціцеля, а другія за Ілію, а іншыя за Іерамію альбо за аднаго з прарокаў.
15. Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
16. І Сіман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
17. І Іісус сказаў яму ў адказ: блажэнны ты, Сімане, сыне Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсць у нябёсах;            
18. і Я кажу табе: ты Пётр*, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
19. І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах; і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў нябёсах.
20. Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Хрыстос.
21. 3 таго часу Іісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісці ў Іерусалім і многа адпакутаваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэці дзень уваскрэснуць.
22. I, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Няхай не будзе гэтага з Табою!
23. А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
24. Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною;
25. бо хто хоча душу** сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
26. бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць? альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
27. бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле спраў ягоных.
28. Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.
 
РАЗДЗЕЛ XVII
 
1. І праз шэсць дзён ўзяў Іісус Пятра, Іакава і Іаана, брата яго, і ўзвёў іх на гару высокую адных,
2. і перамяніўся перед імі, і заззяла аблічча Яго, як сонца, а ўбранне Яго стала белае, як святло.
3. I вось, явіліся ім Маісей і Ілія, і з Ім гутарылі.
4. Азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры шатры: Табе адну, і Маісею адну, і адну Іліі.
5. Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака светлае ахінула іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце.
6. І пачуўшы, вучні ўпалі на твары свае і вельмі перапалохаліся.
7. І прыступіўшы, Іісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.
8. А узвёўшы вочы свае, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Іісуса.
9. І калі сыходзілі яны з гары, Іісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажыце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
10. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ілія мае прыйсці раней?
11. Іісус сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе усё;
12. але кажу вам, што Ілія ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
13. Тады зразумелі вучні, што Ён пра Іаана Хрысціцеля казаў ім.
14. І калі прыйшлі яны да люду, надышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад ім,
15. сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта ў ваду;
16. я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.
17. А Іісус сказаў у адказ: о, родзе бязверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды.
18. І забараніў яму Іісус; і выйшаў з яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.
19. Тады вучні, прыступіўшы да Іісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
20. А Іісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", і яна пяройдзе; і нічога не будзе немагчымага вам.
21. Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
22. У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Іісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,
23. і заб'юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне. І засмуціліся яны вельмі.
24. Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі збіральнікі дыдрахмаў* да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці не дасць дыдрахмы?
25. Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Іісус, напярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сімане? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых?
26. Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Іісус: значыцца, сыны свабодныя;
27. але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр**; вазьмі яго і дай ім за Мяне і за сябе.
 
РАЗДЗЕЛ XVIII
 
1. У той час прыступілі вучні да Іісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?
2. І паклікаўшы дзіця, Іісус паставіў яго сярод іх
3. і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;
4. дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;
5. і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;
6. а хто спакусіць аднаго з малых гэтах, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынавы на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
7. Гора свету ад спакусаў, бо павінны прыйсці спакусы; але гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць.
8. Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі альбо без нагі, чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны;
9. і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.
10. Глядзіце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
11. Бо прыйшоў Сын Чалавечы зыскаць і выратаваць пагіблае.
12. Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна з іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяці ў гарах ; ці не пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?
13. і калі ўдасца знайсці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.
14. Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15. А калі саграшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;
16. калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова;
17. калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.
18. Праўду кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана на небе; і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана на небе.
19. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у нябёсах;
20. бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.
21. Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грашыць супроць мяне? ці да сямі разоў?
22. Кажа яму Іісус: не кажу табе: "да сямі", а да сямі разоў па семдзесят.
23. Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.
24. Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талантаў;
25. а як ён не меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.
26. Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: "уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу".
27. Уладар, злітаваўшыся над рабом тым, адпусціў яго і доўг дараваў яму.
28. А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен яму быў сто дынарыяў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "аддай мне, што вінен".
29. Тады таварыш ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: "пацярпі на мне, і ўсё аддам табе".
30. Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасць доўгу.
31. Таварышы яго, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.
32. Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: "ліхі раб! увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;
33. ці не след было і табе памілаваць таварыша твайго, як і я цябе памілаваў?"
34. I, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасць увесь доўг свой.
35. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.
 
РАЗДЗЕЛ ХІХ
 
1. І сталася, калі Іісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Іудзейскія, па той бок Іардана.
2. За Ім следам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там.
3. I прыступілі да Яго фарысеі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?
4. Ён сказаў ім у адказ: ці не чыталі вы, што Творца ад пачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай?
5. І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоццю адною,
6. так што яны ўжо не двое, а адна плоць. Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае.
7. Яны кажуць Яму: як жа Маісей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца з ёю?
8. Ён кажа ім: Маісей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку не было так.
9. Але Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той пралюбадзейнічае; і хто ажэніцца з разведзенай, пралюбадзейнічае.
10. Кажуць Яму вучні Яго: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца.
11. А Ён сказаў ім: не ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена,
12. бо ёсць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай зразумее.
13. Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
14. Але Іісус сказаў: пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.
15. І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
16. І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае?
17. А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсці ў жыццё, трымайся запаведзяў.
18. Кажа Яму: якіх? А Іісус сказаў: не забівай; не пралюбадзейнічай; не крадзі; не сведчы лжыва;
19. шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе.
20. Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я з юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне?       
21. Сказаў яму Іісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай уласнасць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі за Мною.
22. Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў у смутку, бо ў яго была вялікая маёмасць.
23. А Іісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Царства Нябеснае; 
24. і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
25. Пачуўшы гэта, вучні Яго вельмі здзівіліся і сказалі: дык хто ж можа быць збаўлены?
26. А Іісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.
27. Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі следам за Табою; што ж будзе нам?
28. А Іісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў следам за Мною, у новым жыцці, калі сядзе Сын Чалавечы на прастоле славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці прастолах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;
29. і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сясцёр, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо палі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыццё вечнае.
30. А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
 
РАЗДЗЕЛ XX
 
1. Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2. І, згадзіўшы работнікаў па дынарыі ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
3. І выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку без працы,
4. і ім сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.
5. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
6. А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень без працы?
7. Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.
8. А калі звечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынарыі.
10. Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынарыі.
11. І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанеслі цягату дня і спёку.          
13. А ён у адказ сказаў аднаму з іх: дружа! я не крыўджу цябе; ці ж не за дынарый ты дамовіўся са мною?
14. вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;
15. хіба я не маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздрослівае ад таго, што я добры?
16. Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
17. І, узыходзячы ў Іерусалім, Іісус адвёў дванаццаць вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:
18. вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць;
19. і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаванне і біццё і ўкрыжаванне; і на трэці дзень уваскрэсне.
20. Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ўЯго.
21. Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.
22. Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, альбо хрышчэннем, якім Я хрышчуся хрысціцца? Яны кажуць Яму: можам.
23. І кажа ім: чашу Маю будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца; але даць сесці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.
24. Пачуўшы гэта,  дзесяцера вучняў абурыліся на двух братоў.
25. Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы ўладараць над імі. 
26. Але не так няхай будзе паміж вамі; а хто хоча між вамі большым быць, няхай будзе вам слугою;
27. і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам рабом;
28. бо Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
29. І калі выходзілі яны з Іерыхона, за Ім следам ішло мноства людзей.
30. І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Іісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
31. А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
32. Іісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
33. Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.
34. Іісус жа, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.
 
РАЗДЗЕЛ  ХХІ
 
1. І калі наблізіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,
2. сказаўшы ім: ідзіце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
3. І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу 
пашле іх.
4. Усё ж гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
5. "скажыце дачцэ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асліцы і асляне, сыне пад'ярэмнай".
6. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус,
7. прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.
8. Мноства людзей пасцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі галіны з дрэў і пасцілалі на дарозе;
9. а люд, які ішоў спераду і следам, усклікаў: асанна* Сыну Давідаваму! Благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя Гасподняе! Асанна ў вышніх!
10. І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, увесь горад прыйшоў у рух і казалі: хто гэта? 
11. А люд казаў: Гэта Іісус,Прарок з Назарэта Галілейскага.
12. І ўвайшоў Іісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мянялаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
13. і сказаў ім: напісана: "дом Мой домам малітвы назавецца"; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
14. І прыступілі да Яго ў храме сляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.
15. А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: "асанна Сыну Давідаваму", абураліся
16. і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба вы ніколі не чыталі: "з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?"
17. І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.
18. А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есці.
19. І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.
20. Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?
21. А Іісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, не толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: "падыміся і ўвергніся ў мора", — будзе;
22. і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве з вераю, атрымаеце.
23. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступілі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?
24. Іісус сказаў ім у адказ: спытаю і Я ў вас адну рэч; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
25. Хрышчэнне Іаанава адкуль было: з нябёсаў, ці ад людзей? Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: "з неба",  дык Ён скажа нам: "чаму ж вы не паверылі яму?"
26. а калі скажам: "ад людзей", — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.
27. І сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.
28. А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёння працуй у вінаградніку маім.
29. Але ён сказаў у адказ: "не хачу"; а пасля, раскаяўшыся, пайшоў.
30. І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: "іду, гаспадар". І не пайшоў.
31. Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.
32. Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасля, каб паверыць яму.
33. Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які пасадзіў вінаграднік: і абнёс  агароджаю яго, і выкапаў у ім выціскальню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
34. А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінаградараў узяць плады свае.
35. Вінаградары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каменнем пабілі.
36. Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым раней; і з імі зрабілі тое самае.
37. Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
38. Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай яго:
39. І схапіўшы яго, вывелі вонкі з вінаградніка і забілі.
40. І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
41. Кажуць Яму: ліхадзеяў гэтых аддасць на лютую смерць, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
42. Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся галавою вугла: гэта — ад Госпада, і ёсць дзіўна ў вачах нашых"?
43. Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады яго.
44. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
45. І чуючы прытчы Яго, першасвятары і фарысеі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;
46. і намерваліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.
 
РАЗДЗЕЛ XXII
 
1. І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:
2. падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вяселле сыну свайму
3. і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле; і не хацелі прыйсці.
4. Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажыце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле".
5. Але яны, не даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
6. Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зняважылі і забілі іх.
7. І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
8. Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запрошаныя не былі вартыя.
9. Дык вось, ідзіце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.
10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле бяседнікамі.
11. Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
12. і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.
13. Тады сказаў цар слугам: звязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
14. бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
15. Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся, як злавіць Яго на слове.
16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?   
18. Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
19. пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынеслі Яму дынарый.
20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
21. І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22. Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
23. У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасення, і спыталіся ў Яго:
24. Настаўнік! Маісей сказаў: "калі хто памрэ, не маючы дзяцей, няхай возьме брат яго жонку яго і адродзіць семя брату свайму".
25. Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы семені*, пакінуў жонку сваю брату свайму;
26. гэтак сама і другі, і трэці, нават да сёмага;
27. а пасля ўсіх памерла і жонка.
28. Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку, бо ўсе мелі яе.
29. Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;
30. бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
31. А пра ўваскрэсенне мёртвых ці не чыталі вы сказанага вам Богам:
32. "Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава"? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
33. І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.
34. А фарысеі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне, сабраліся разам.
35. І спытаўся адзін з іх, законнік, спакушаючы Яго і кажучы:
36. Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
37. Іісус жа сказаў яму: "узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім".
38. гэта найбольшая і першая запаведзь;
39. а другая падобная да яе: "узлюбі блізкага твайго, як самога сябе";
40. на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
41. Калі ж сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Іісус:
42. што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
43. Кажа ім: як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе, калі кажа:
44. "Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"?
45. Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?
46. І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.
 
РАЗДЗЕЛ XXIII
 
1.Тады Іісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
2. кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;
3. дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабіце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, і неробяць:
4. звязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх;
5. а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі** свае ды павялічваюць кутасы на адзенні сваім;
6. а таксама любяць узляжаць наперадзе на гасцінах, і наперадзе сядзець у сінагогах,
7. і вітанні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: "Вучыцель! вучыцель!"
8. А вы не называйцеся вучыцелямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты;
9. і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
10. і не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
11. Большы з вас няхай будзе вам слуга:
12. бо хто ўзвышае сябе, той прыніжаны будзе; а хто прыніжае сябе, той узвысіцца.
13. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,  што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.
14. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большае асуджэнне.
15. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
16. Гора вам, павадыры сляпыя, што кажаце: "калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты".
17. Неразумныя і сляпыя! што большае: золата, ці храм, які асвячае золата?
18. І: "калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты".
19. Неразумныя і сляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар?
20. Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;
21. і той, хто прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
22. і той, хто прысягае небам, прысягае прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
23. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
24. Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
25. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце знешнасць чашы і місы, а усярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няпраўды.
26. Фарысей сляпы! ачысці спярша сярэдзіну чашы і місы, каб чыстая была і знешнасць іх.
27. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей мёртвых і ўсякага бруду;
28. так і вы знешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
29. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
30. і кажаце: "калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў";
31. тым самым вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
32. дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
33. Змеі, адроддзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэння ў геену?
34. Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
35. каб спала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
36. Праўду кажу вам: усё гэта спадзе на род гэты.
37. Іерусаліме, Іерусаліме, ты забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі!
38. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
39. Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне ад сёння, пакуль не ўсклікнеце: "благаславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!"
 
РАЗДЗЕЛ  ХХІV
 
1. І выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі храма.
2. Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.
3. Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якое знаменне Твайго прышэсця і сканчэння веку?
4. І ў адказ Іісус сказаў ім: глядзіце, каб хто вас не ўвёў у зман;
5. бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: "я Хрыстос", — і многіх ўвядуць у зман.
6. Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзіце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:
7. бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і мор, і землятрусы месцамі;
8. а ўсё гэта — пачатак пакут.
9. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
10. І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і ўзненавідзяць адзін аднаго;
11. і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
12. і з-за памнажэння беззаконнасці ахалоне любоў у многіх;
13. а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
14. І абвешчана будзе гэтае Дабравесце Царства па ўсім свеце, на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
15. Дык вось, калі ўбачыце мярзоту спусташэння, пра якую сказана прарокам Даніілам, якая паўстане на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
16. тады хто будзе ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
17. і хто на даху, той няхай не сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
18. і хто ў полі, той няхай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
19. Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні!
20. Маліцеся, каб не здарыліся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
21. бо тады будзе вялікае ліха, якога не было ад пачатку свету да сёння, і не будзе. 
22. І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
23. Тады калі хто скажа вам: "вось, тут Хрыстос", альбо "там", — не верце;
24. бо паўстануць ілжэхрысты ды лжэпрарокі і дадуць знаменні вялікія і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і выбраных.
25. Вось, Я наперад сказаў вам.
26. Значыцца, калі скажуць вам: "вось Ён у пустыні", — не выходзьце; "вось, Ён у патайных пакоях", — не верце;
27. бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такім будзе прышэсце Сына Чалавечага;
28. бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
29. І раптам, пасля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі спадуць з неба, і сілы нябесныя зрушацца;
30. і тады явіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікай;
31. і пашле Ангелаў Сваіх з трубою громагучнаю, і збяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
32. Ад смакоўніцы вазьміце падабенства: калі голле яе ўжо мякчэе і пускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;
33. так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
34. Праўду кажу вам: не міне род гэты, як усё гэта будзе;
35. неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць;
36. а пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;
37. але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:
38. бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, 
39. і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прышэсце Сына Чалавечага;
40. тады будуць двое на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
41. дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.
42. Дык чувайце ж, бо не ведаеце, ў якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе...
43. Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дома свайго.
44. Таму і вы будзьце гатовыя, бо у час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45. Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
46. Блажэнны той раб, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, застане, што робіць так;
47. праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
48. А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: "не хутка прыйдзе гаспадар мой",  
49. і пачне біць таварышаў сваіх, і есці і піць з п'яніцамі, —
50. прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую не ведае,
51. і рассячэ яго напалам, і вызначыць яму адзін лёс з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
РАЗДЗЕЛ XXV
 
 1. Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяці дзевам, якія, узяўшы свяцільнікі свае, выйшлі сустрэць жаніха;
2. пяць з іх было неразумных пяць мудрых;
3. неразумныя, узяўшы свяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею;
4. а мудрыя узялі алею ў пасудзінах разам з свяцільнікамі сваімі;
5. і калі жаніх замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
6. Але апоўначы крык пачуўся: "вось, жаніх ідзе, выходзьце на сустрэчу яму".
7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяцільнікі свае.
8. А неразумныя мудрым сказалі: "дайце нам алею вашага, бо свяцільнікі нашыя гаснуць".
9. А мудрыя сказалі ў адказ: "каб не сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе".
10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.
11. Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: "пане! пане! адчыні нам".
12. Ён жа сказаў ім у адказ: "праўду кажу вам: не ведаю вас".
13. Дык вось, чувайце; бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
14. Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасць сваю:
15. і аднаму даў пяць талантаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму паводле яго сілы; і адразу адышоў.
16. Той, хто атрымаў пяць талантаў, пайшоў: уклаў іх у справу і набыў другія пяць;
17. гэтак сама і той з двума набыў другія два;
18. а той, хто атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
19. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць з імі рахунак.
20. І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: "Гаспадар! пяць талантаў ты даў мне; вось, другія пяць талантаў я набыў на іх".
21. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго".
22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два таланты, і сказаў: "гаспадар! два таланты ты даў мне; вось, другія два таланты набыў я на іх".
23. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго".   
24. Падышоў і той, што атрымаў адзін талант, і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;
25. і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талант твой у зямлі; вось табе тваё".
26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;
27. таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
28. Дык вось вазьміце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў,
29. бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае;
30. а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў". (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!)
31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,
32. і збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: "Прыйдзіце, благаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету:
35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасмяглага і напаілі?
38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?"
40. І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне".
41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад яго: "ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, угатаваны дыявалу і ангелам яго:
42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне;
43. быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне".
44. Тады і яны скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і
не паслужылі Табе?"
45. Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне".
46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыццё вечнае.
 
РАЗДЗЕЛ  ХХVІ
 
1. І сталася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
2. вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выдадзены будзе на ўкрыжаванне.
3. Тады сабраліся першасвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасвятара, якога звалі Каіафа,
4. і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць;
5. але казалі: толькі не ў свята, каб не сталася абурэння ў народзе.
6. Калі ж Іісус быў у Віфаніі, у доме Сімана пракажонага,
7. прыступіла да Яго жанчына з алебастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла Яму на галаву, калі Ён узляжаў за сталом.
8. Убачыўшы, вучні Яго абурыліся і казалі: навошта такая трата?
9. бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
10. Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне;
11. бо заўсёды убогіх вы маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце; 
12. бо ўзліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахавання;
13. праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесце гэтае ў цэлым свеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
14. Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў
15. і сказаў: што вы дасце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
16. і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
17. У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці пасху?
18. Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: "Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі".
19. І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатавалі пасху.
20. Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццацю вучнямі;
21. І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасць мяне.
22. Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзе?
23. А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.
24. Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.
25. У адказ жа Іуда, які выдаў Яго, сказаў: ці не я, Равві? Іісус кажа яму: ты сказаў.
26. А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламіў і, раздаючы вучням, сказаў: прыміце, ешце: гэта Цела Маё.
27. І ўзяўшы чашу, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: піце з яе ўсе;
28. бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля даравання грахоў.
29. Кажу ж вам, што ад сёння не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
30. І заспяваўшы, пайшлі на гару Елеонскую.
31. Тады кажа ім Іісус: усе вы спакусіцеся аба Мне ў гэтую ноч, бо напісана: "паражу пастыра, і рассеюцца авечкі статку".
32. А пасля ўваскрэсення Майго сустрэну вас у Галілеі.
33. У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе спакусяцца аб Табе, я не спакушуся.
34. Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
35. Кажа Яму Пётр: хоць бы мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
36. Потым прыходзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
37. І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
38. Тады кажа ім Іісус: душа Мая смуткуе да смерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
39. І адышоўшы крыху, упаў абліччам Сваім, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.
40. І прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну патрываць са Мною?
41. Не спіце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць нядужая.
42. Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.
43. І прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
44. І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.
45. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
46. устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.
47. І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з дванаццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мячамі і каламі, ад першасвятароў і старэйшын народных.
48. А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсць, вазьміце Яго.
49. I, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Равві! І пацалаваў Яго.
50. Іісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і ўсклалі рукі на Іісуса, і ўзялі Яго.               
51. І вось, адзін з тых, што былі з Іісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаровага,  адсек  яму вуха.
52. Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загінуць;
53. альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
54. як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?
55. У тую гадзіну сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы не ўзялі Мяне.
56. А ўсё гэта было, каб збыліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
57. А тыя, што ўзялі Іісуса, прывялі Яго да Каіафы першасвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
58. А Пётр ішоў следам за ім зводдаль, да двара першасвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
59. Першасвятары і старэйшыны і ўвесь сінедрыён шукалі ілжывага сведчання супроць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;
60. і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два ілжывыя сведкі
61. і сказалі: Ён казаў: "магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго".
62. І ўстаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сведчаць?
63. Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64. Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёння ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
65. Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: Ён блюзнерыць. Навошта яшчэ нам сведкі? Вось, вы чулі блюзнерства Яго!
66. Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты смерці.
67. Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках
68. і казалі: скажы нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?
69. А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галілеянінам.
70. Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што ты кажаш.
71. А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў з Іісусам Назарэем.
72. І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я не ведаю Гэтага Чалавека.
73. Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
74. Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.
75. І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Іісусам: перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.
 
РАЗДЗЕЛ XXVII
 
1. Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасвятары і старэйшыны народу супраць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць:
2. і звязаўшы Яго, завялі і перадалі Яго Понцію Пілату, намесніку.
3. Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,     
4. кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
5. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
6. Першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
7. І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахавання чужынцаў;
8. таму і называецца поле тое "полем крыві" па сённяшні дзень;
9. тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: "і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевы,
10. і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь".
11. Іісус жа стаў перад намеснікам. І запытаў у Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
12. І калі вінавацілі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
13. Тады кажа Яму Пілат: ці не чуеш, колькі сведчаць супроць Цябе?                 
14. І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі здзіўляўся.
15. А на свята намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога б хацелі.
16. Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
17. І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам: Вараву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
18. Бо ведаў, што з зайдрасці выдалі Яго.
19. Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка яго паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат адцярпела за Яго.
20. Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Іісуса загубіць.
21. Тады намеснік сказаў ім у адказ: каго хочаце з двух, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вараву.
22. Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распяты!
23. Намеснік жа сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распяты!
24. Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзіце самі.
25. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
26. Тады адпусціў ім Вараву, а Іісуса, біўшы, аддаў на распяцце.
27. Тады воіны намеснікавы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
28. і раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу;
29. і, сплёўшы вянец з цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, стаўшы на калені перад Ім, кпілі з Яго, кажучы: радуйся, Цару Іудзейскі?
30. і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
31. І калі накпіліся з Яго, знялі з Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на распяцце.
32. Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сіман: яго і прымусілі несці крыж Яго.
33. І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае "месца чэрапа",
34. далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
35. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі адзежу Яго, кідаючы жэрабя;
36. і, седзячы, вартавалі Яго там;
37. і змясцілі над галавою Яго надпіс з віною Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
38. Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
39. А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
40. і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа.
41. Падобна і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:
42. іншых ратаваў, а Самога Сябе не можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, няхай цяпер сыдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
43. спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
44. Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, ганьбілі Яго.
45. Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай;
46. а каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! лема савахфані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
47. Некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію кліча Ён.
48. І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
49. а другія казалі: чакай; пабачым, ці прыйдзе Ілія ўратаваць Яго.
50. Іісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, спусціў дух.
51. І вось, завеса храма разадралася напалам, зверху данізу; і зямля здрыганулася; і каменне раскалолася;
52. і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
53. і выйшаўшы з магіл пасля ўваскрэсення Яго, ўвайшлі ў святы горад і явіліся многім.
54. Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
55. Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі следам за Іісусам з Галілеі, служачы Яму;
56. сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Іакава і Іасіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
57. Калі ж звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф, які таксама вучыўся ў Іісуса;
58. ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59. І ўзяўшы цела, Іосіф абгарнуў яго чыстаю плашчаніцаю*
60. і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзвярэй магілы, адышоў.
61. Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы. 
62. На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата
63. і казалі: пане! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: "праз тры дні ўваскрэсну";
64. дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, не ўкралі Яго і не сказалі народу: "уваскрэс з мёртвых", і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
65. А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.
 
РАЗДЗЕЛ XXVIII
 
1. Як  прайшла субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.     
2. І вось, зрабіўся вялікі землятрус: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім;
3. выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбранне яго белае, як снег.
4. І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.
5. Ангел жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса ўкрыжаванага;
6. няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзіце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь;
7. ды ідзіце хутка, скажыце вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і сустракае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам.
8. І пайшоўшы спешна ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі ўзвясціць вучням Яго;
9. калі ж ішлі яны ўзвясціць вучням Ягоным, і вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Яго і пакланяліся Яму.
10. Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, узвясціце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць Мяне.
11. А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасвятарам усё, што адбылося.
12. І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам,
13. кажучы: скажыце, што вучні Яго, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі;
14. і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесніка, мы пераканаем яго і вас ад непрыемнасці выбавім.
15. Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэгае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня.
16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Іісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. Амінь.